Курганы, курганы, курганы,
Хмарай спяць на Дняпроўскай гары.
Каля рэчак, шумлівых бароў,
Ля імклівых, страмкіх бальшакоў.
У чыстым полі, дзе цешыцца рунь,
Каля дуба, дзе б’ецца пярун.
У квітнеючых, белых садах,
У мурожных, крынічных лугах.
Курганы, курганы, курганы,
Недзе зорачкі, недзе крыжы...
Нібы хмары на яснай зары
У маім сэрцы жывуць без пары.
Уздымаючы поўстаць вякоў,
Памяць шмат астаўляе слядоў.
3 хваляваннем кранаемся іх,
Быццам з імі, а быццам без іх.
Радаўніца, старыя Дзяды -
Святы ціха ідуць па зямлі.
Вянкі ложым да іх зноў і зноў,-
Жыве памяць і правіць любоў.
Курганы, курганы, курганы
Б’юць вас жорстка завеі, вятры.
Сцяжынкай прыкметнаю ледзь
Валачобнік спрабуе запець,
Шапку зняўшы з сівой галавы,-
Яны ж вольныя, у думах сябры!
Красіць час бялізной валуны,
Прарастаюць балотам ірвы,
Размываюць аблогі дажджы,
Аджываюць, знікаюць крыжы...
Курганы беражыце сябры,
Сведку памяці нашай зямлі!
Фото автора.